УСТО́ЙЛІВАСЦЬ РУ́ХУ ў механіцы,

доўгачасовае захаванне фіз. сістэмай пэўных характарыстык мех. руху. Праблемы У.р. істотныя пры вывучэнні гіраскопаў, сістэм аўтам. рэгулявання і вагальных сістэм, руху нябесных цел, самалётаў, суднаў і інш.

Асновы тэорыі У.р. закладзены ў працах А.М.Ляпунова. Рух сістэмы наз. ўстойлівым (паводле Ляпунова), калі атрыманыя ў які-п. момант часу малыя ўзбурэнні каардынат і скарасцей, што вызначаюць гэты рух, застаюцца малымі. Умовы, пры якіх даследаваны рух з’яўляецца ўстойлівым, наз. крытэрыямі ўстойлівасці. У тэорыі У.р. вывучаюцца метады яго ацэнак па лінеарызаваных ураўненнях руху (ураўненнях узбуранага руху), а таксама якасныя метады вызначэння межаў дастасавальнасці гэтых ацэнак.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)